ВЕТЭРЫНА́РНАЯ САНІТАРЫ́Я,
галіна ветэрынарыі, якая вывучае і распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні і ліквідацыі хвароб жывёл і ахове людзей ад узбуджальнікаў інфекцый і інвазій, агульных для чалавека і жывёл. Санітарныя мерапрыемствы па ахове здароўя людзей прадугледжваюць арганізацыю і правядзенне ветэрынарна-санітарнага нагляду ў кансервавай, малочнай, гарбарнай і інш. галінах прам-сці па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі, а таксама ў месцах захоўвання і продажу гэтых прадуктаў. Санітарныя меры па ахове здароўя жывёл маюць на мэце падтрыманне пэўнага рэжыму ў памяшканнях для жывёл, пры захоўванні і апрацоўцы кармоў, прыбіранні і захоўванні гною, а таксама дэзінфекцыю, прыбіранне трупаў, ахову глебы, вады ад забруджвання. Распрацоўваюцца вет.-сан. мерапрыемствы па прадухіленні антрапазаанозаў, хвароб жывёл у жывёлагадоўчых комплексах, барацьбе з пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб — членістаногімі, павышэнні сан. якасці прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання.
т. 4, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)